Журналісту Андрэю Аляксандраву працягнуты тэрмін утрымання пад вартай



Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў 12 красавіка не выйшаў на волю.

Гэта азначае, што тэрмін утрымання яго пад вартай працягнуты. Адвакат Аляксандрава пакуль не валодае канкрэтнай інфармацыяй. Дзяўчына журналіста Ірына Злобіна, хутчэй за ўсё, таксама застаецца за кратамі.

Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. Пазней у межах расследавання справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.

Медыяменеджар і яго дзяўчына падазраюцца сілавікамі ў фінансаванні пратэставай дзейнасці. Яны дапамагалі аплачваць штрафы асуджаным пратэстоўцам. Праваабаронцы прызналі абодвух палітычнымі вязнямі.

Беларускае Радыё Рацыя