Журналісту Андрэю Аляксандраву выстаўленае абвінавачанне



Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву выстаўленае абвінавачанне, паведаміла БелаПАН яго адвакат Вольга Карпушонак.

На падставе якога менавіта артыкула абвінавачваюць Аляксандрава, невядома, бо адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Аднак як паведаміў 15 студзеня намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, выступленне якога размешчанае ў youtube-канале МУС, у дачыненні да журналіста распачатая справа паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ён падазраецца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці.

„Адчувае Андрэй сябе добра, усё неабходнае ў яго ёсць, усяго хапае. Сукармернікі цалкам адэкватныя, нармальныя ўмовы”, — адзначыла адвакат.

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня паводле падазрэння ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці — у прыватнасці ў тым, што аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцый людзей, кампенсавалі кошт іх утрымання ў ЦІП і ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі яны атрымлівалі з-за мяжы.

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара ў 2014—2018 гадах, прайшоў трохгадзінны вобшук у межах расследавання справы, распачатай на падставе артыкула 342 КК у дачыненні да Аляксандрава. Канфіскаваныя рукапісныя запісы, фінансавая дакументацыя, каля дзесяці цвёрдых дыскаў працоўных камп’ютараў, цвёрды дыск сервера лакальнай сеткі, два нэтбукі, візітныя карткі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Аляксандрава і Злобіну палітычнымі зняволенымі. Як падкрэслілі праваабаронцы, збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў не маюць нічога агульнага з фінансаваннем якой бы там ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляюцца злачынствам.

З заявамі адносна затрымання Аляксандрава і працягу пераследу беларускіх незалежных СМІ выступілі пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі, Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ), міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. Прадстаўнікі ЗША заклікалі ўлады Беларусі „да абароны і забеспячэння асноўных свабод, у першую чаргу свабоды сходаў, слова і друку”. EFJ і „Рэпарцёры без межаў” заклікалі ААН, АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрасаюз „умяшацца ў сітуацыю з рэжымам Лукашэнкі, каб забяспечыць неадкладнае вызваленне журналістаў”.

48 арганізацый з 21 краіны — члены Платформы грамадзянскай салідарнасці заклікалі вызваліць Аляксандрава і асудзілі вобшук у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

belapan.by