Журналісту Сяргею Гардзіевічу працягнулі тэрмін хатняга арышту



Карэспандэнту сайта „Першы рэгіён” Сяргею Гардзіевічу, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта, працягнулі тэрмін хатняга арышту, – паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Гардзіевіч, у якога ў Драгічыне прайшло некалькі вобшукаў, знаходзіцца пад хатнім арыштам з 25 снежня. 22 снежня ён быў затрыманы пры ўдзеле АМАПу, а яго тэлефон некалькі разоў адпраўлялі на экспертызу.

У апошні дзень мінулага года яму выставілі абвінавачанне на падставе арт. 368 КК (знявага прэзідэнта). Падставай стала паведамленне, якое нібыта з’явілася ў верасні ў папулярнай групе „Рэальны Драгічын” у Viber.

Як адзначае БАЖ, тэрмін хатняга арышту журналіста мінаў 25 лютага, але драгічынскі райаддзел Следчага камітэта вырашыў працягнуць папярэдняе расследаванне да 25 сакавіка.

Сяргей Гардзіевіч не дае паказанняў і не прызнае сябе вінаватым у злачынстве. Ён прызнаны палітычным вязнем.

Беларускае Радыё Рацыя 

Фота: baj.by