Журналісты-фрылансеры супраць „судовага фарсу”
2 лістапада ў 11:40 у судзе Ленінскага раёна Берасця павінны разгледзець адміністрацыйную справу ў адносінах да журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца.
Яго вінавацяць у парушэнні часткі другой артыкулу 22.9 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
30 кастрычніка Яўген ужо меў суд па падобным артыкуле, але, нягледзячы на ягоныя довады, быў пакараны 20-ю базавымі велічынямі штрафу. „Гэтым разам я вырашыў не ўдзельнічаць у гэтым працэсе, бо не спадзяюся на станоўчы вынік для сябе, і таму не буду марна губляць час”, – паведаміў журналіст:
– Я падаў адпаведную заяву ў суд Ленінскага раёна Берасця з просьбай, каб справу разглядзелі без мяне. Лічу, што справа супраць мяне з’яўляецца палітычна-матываванай, сфабрыкаванай і дадзены працэс я разглядаю як ціск на мяне з боку КДБ, уладаў Берасцейскай вобласці, міліцыі і суда.
У канцэлярыі суда Ленінскага раёна Берасця паведамілі, што прынялі заяву ад Яўгена Скрабца і рашэнне па ёй будзе 2 лістапада на працэсе па ягонай справе. Па выніках рашэння стане вядома, ці спатрэбіцца асабісты ўдзел журналіста пры разглядзе ягонай справы:
– Калі вашая яўка будзе прызнаная абавязковай, то вас паўторна выклічуць. Калі не – то тады будуць разглядаць без вас. У любым выпадку вам паведамяць. Могуць па тэлефоне пазваніць, могуць позву даслаць, або СМС-паведамленне.
Судзіць Яўгена плануюць за з’яўленне на сайце Беларускага Радыё Рацыя публікацыі пад назвай „Па 10 базавых штрафу за налепкі”, дзе гаворка вялася аб судах над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. За падобную публікацыю, але ўжо на сайце тэлеканала „Белсат”, у той жа дзень павінны судзіць і журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука. Яны таксама падрыхтавалі адпаведныя заявы ў суд аб няўдзеле ў разглядзе іхніх справаў.
Сведка з боку міліцыі Віталь Зінчанка.
Сведка з боку міліцыі Кірыл Мельнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.