Журналісты Глыбокага адзначылі Сусветны дзень свабоды прэсы



Сусветны дзень свабоды прэсы і друку адзначылі і журналісты Глыбокага. У гэты дзень сябры глыбоцкай суполкі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зладзілі сход і правялі акцыю ў падтрымку калегаў-журналістаў, якія зведалі пераслед з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць.

Па словах глыбоцкага журналіста Змітра Лупача, які неаднаразова таксама пераследваўся ўладамі за журналісцкую дзейнасць, як бы цяжка не было, але трэба да апошняга захоўваюць вернасць прынцыпам прафесійнай і сумленнай журналістыкі:

– У гэты дзень хочам выказаць салідарнасць з калегамі і данесці людзям, што журналістыка мусіць быць свабоднай. І не толькі журналістыка – кожны чалавек павінен свабодна выказваць свае думкі і не баяцца пераследу за гэта. Нам трэба адзін аднаго падтрымліваць, таму што калі сёння ты не падтрымаеш, то заўтра не падтрымаюць цябе. Гэта дае большы стымул працаваць, калі ты ведаеш, што ты не адзін.

Як зазначае ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, сёлета беларускія журналісты больш за 130 разоў траплялі пад пераслед з боку ўладаў.

У рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”, Беларусь знаходзіцца на 153 месцы са 180.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара