Лілія Ананіч у справе збіцця журналістаў: У нас цудоўная міліцыя
Супраць міліцыі вядзецца інфармацыйная вайна. Заяўляе міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Так ён адрэагаваў на публікацыі ў медыях адносна збіцця журналіста tut.by Паўла Дабравольскага. Іншага меркавання прытрымліваецца журналістка Алена Андрэеева, ініцыятар чарговага зварота ад прафесійнай супольнасці да Міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Яго падпісалі каля 150 журналістаў, якія просяць, каб чыноўніца звярнула ўвагу на праблемы стасункаў супрацоўнікаў медыя і міліцыі. Паводле Алены Андрэевай, грамадскі рэзананс толькі кантралюе дзейнасць праваахоўных органаў:
– Толькі такія рэзанансныя справы змусяць любую дзяржаўную структуру, у якой будуць выкрытыя падобныя выпадкі, да дасканалення і выпраўлення сітуацыі. Бо закрытасць стымулюе толькі самавольства, прыкрыты адыход ад закона, маўляў, самі паміж сабой разбярэмся. Кожны з нас плаціць падаткі і мае права і ведаць, што адбываецца, і як гэтыя падаткі выкарыстоўваюцца дзяржаўнымі структурамі.
Зварот з просьбай наладзіць дыялог паміж журналістамі і міліцыяй міністр інфармацыі атрымала ад Алены Андрэевай і Андрэя Аляксандрава падчас асабістай сустрэчы. Лілія Ананіч заявіла, што ўжыванне гвалту да журналістаў, як і да кагосьці іншага, недапушчальнае, але верыць міліцыі, што такія паводзіны былі абгрунтаванымі. Журналіста Паўла Дабравольскага, а таксама двух актывістаў міліцыя збіла ў будынку суда.
* * *
„Пагаварылі, а вынікаў будзем чакаць,” – так ацэньвае сустрэчу з міністрам інфармацыі адзін з яе ўдзельнікаў журналіст Андрэй Аляксандраў. Сёння Ліліі Ананіч перадалі чарговы зварот у справе збіцця журналістаў. Толькі сёння ініцыятарка звароту журналістка tut.by Алена Андрэева і журналіст Андрэй Аляксандраў патрапілі да чыноўніцы на прыём. Раней у справе збіцця журналіста Паўла Дабравольскага, міністарка стала на бок міліцыі. Пасля сустрэчы яе пазіцыя не змянілася, яна імкнулася ўвагу акцэнтаваць на іншым, — заўважае па выніках сустрэчы Андрэй Аляксандраў:
— Яна кажа, што ў яе няма падставаў не давяраць адказу з МУС. У нас цудоўная міліцыя, як яна сказала, дзякуючы якой у нас не страшна хадзіць па вуліцах і адпускаць дзяцей у школу. Дыялог можа быць, але давайце пагаворым найперш пра прафесійную журналісцкую этыку, нібыта пакуль мы, як журналісты, не дасягнем нейкіх вышыняў у прафесійнай этыцы, біць нас не так ужо не страшна.
Прадстаўнікі незалежных выданняў больш за гадзіну правялі на прыёме ў Міністра інфармацыі, але кажуць, што ніякіх станоўчых навінаў не пачулі, хоць Лілія Ананіч паабяцала распачаць дыялог паміж журналісцкай супольнасцю і міліцыяй, каб звярталі ўвагу на правы журналістаў у час выканання сваіх службовых абавязкаў.
****
Журналісты ідуць да міністра інфармацыі і нясуць чарговы зварот у справе збіцця журналістаў. Гэта ўжо другі зварот, бо на папярэдні ў справе збіцця журналіста Паўла Дабравольскага, які падпісалі каля 200 журналістаў, Лілія Ананіч адказала адпіскай. Чыноўніца стала на бок супрацоўнікаў міліцыі, якія збівалі Дабравольскага ў будынку суда. А супрацоўнікі беларускіх СМІ чакалі, што яна выступіць у абарону супольнасці і пацвердзіць недапушчальнасць перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў. Сёння ініцыятары звароту ідуць на прыём да міністра паведаміла журналістка tut.by Алена Андрэева:
— Пра гэта хочацца гаварыць з міністаркай. Другі не толькі з патрабаваннем звярнуць увагу міністэрства на гэтыя выпадкі, але і з прапановай дапамагчы ў падрыхтоўцы нейкіх метадычных матэрыялаў для супрацоўнікаў МУС, дзеля таго, каб спыніць збіццё журналістаў і такія ненармальныя стасункі паміж прадстаўнікамі СМІ і людзьмі ў пагонах.
Пра гэта просяць каля 150 асобаў, што падпісаліся пад другім зваротам. Далучаюцца, канешне, і падпісанты першага. Аўтары зваротаў яшчэ раз згадваюць праблему адвольных затрыманняў журналістаў міліцыяй і перашкодаў законнай іх дзейнасці і заклікаюць Міністэрства інфармацыі рашуча асудзіць дзеянні супрацоўнікаў сілавых органаў, што парушаюць правы журналістаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя