Журналісты Міхаіл Аршынскі і Зміцер Лупач арыштаваныя на 10 сутак
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 11 траўня вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе аператара-фрылансара Міхаіла Аршынскага — 10 сутак арышту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Аршынскі быў затрыманы ў Магілёве ўвечары 7 траўня па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КоАП). Ён асвятляў сустрэчы з гомельскім блогерам youtube-канала „Краіна для жыцця” Сяргеем Ціханоўскім.
Падчас суда Аршынскі папрасіў адкласці працэс, каб яго адвакат мог прыехаць з Менска. „Хадайніцтва журналіста задаволілі, але далі на пошук адваката 30 хвілін. Такая ж гісторыя адбылася і ў працэсе над Аляксандрам Бураковым, на пошук адваката яму далі 40 хвілін”, — паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Паводле інфармацыі БАЖ, 12 траўня Аршынскага чакае суд яшчэ па адной адміністрацыйнай справе. Пастанова суда па справе Буракова будзе абвешчана 12 траўня ў 10 гадзін. Яго адпусцілі на волю з ІЧУ, дзе ён знаходзіўся з мінулай пятніцы, 8 траўня, паведамляе закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
У Глыбокім (Віцебская вобласць), паводле інфармацыі праваабаронцаў, на 10 сутак мясцовым раённым судом арыштаваны журналіст Зміцер Лупач. Яго затрымалі 8 траўня за асвятленне акцыі Ціханоўскага. Раніцай 11 траўня суд па хадайніцтве журналіста, які прасіў даць яму час на пошукі адваката, перанёс пасяджэнне на 16 гадзін.
Сёння суды над удзельнікамі акцый супраць акумулятарнага завода ў Берасці і сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім праходзяць у некалькіх гарадах Беларусі. Пасяджэнне па справе журналіста Алеся Асіпцова перанесена на 12 траўня.
belapan.by