Журналісты рыхтуюць другі зварот да Ліліі Ананіч (абноўлена)



Трэба іх штурхаць, каб адчувалі настрой супольнасці. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў другі зварот прафесійнай супольнасці да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. На першы зварот у справе збітага журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага чыноўніца абмежавалася адпіскай, маўляў, журналіст перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі і быў затрыманы законна. Міністр стала на бок міліцыі, супрацоўнікі якой збілі Паўла Дабравольскага ў будынку менскага суда. Прадстаўнікі СМІ настойліва просяць Ананіч пра асабістую сустрэчу з журналісцкай супольнасцю, каб абмеркаваць пытанне. І такі дыялог патрэбны – перакананы Андрэй Бастунец.

– Калі журналісты такую ініцыятыву праяўляюць, трэба яе рэалізоўваць. І я падтрымліваю гэта. Іншая рэч, што я не вельмі чакаю станоўчага адказу ад міністэрства. Але трэба ж іх неяк штурхаць, каб яны адчувалі настрой журналісцкай супольнасці.

У новым звароце, між іншым, пералічаныя ўсе вядомыя факты затрымання і збіцця журналістаў за апошнія 10 гадоў. Там яшчэ раз узгадваецца праблема адвольных затрыманняў журналістаў і перашкодаў законнай дзейнасці. Журналісты заклікаюць Міністэрства інфармацыі рашуча асудзіць дзеянні супрацоўнікаў сілавых органаў, што парушаюць правы журналістаў.

* * *

На мінулым тыдні Ананіч адказала на зварот амаль двухсот беларускіх журналістаў, якія прасілі міністра выказацца з нагоды збіцця карэспандэнта TUT.BY Паўла Дабравольскага.

Аднак адказ і блізка не задаволіў падпісантаў. Як кажа аўтарка звароту Алёна Шарамет, Ананіч проста згадзілася з віной журналістаў і нават не стала абараняць прадстаўніка СМІ.

Міністр інфармацыі не адказала ні на адно з пастаўленых пытанняў у першым лісце. І паколькі ганебная практыка існуе ў нас ужо 10 гадоў, хацелася б, каб міністр звярнула ўвагу на тое, што журналістаў насамрэч збіваюць. Калі я запісвалася на асабісты прыём да яе на 2 сакавіка, у мяне запыталіся пра тэму майго візіту. Я сказала, што гэта тычыцца збіцця журналіста ў Беларусі. То ў мяне адразу перапыталі, якое прозвішча збітага журналіста.

У новым звароце прадстаўнікі СМІ пералічваюць амаль сорак беларускіх журналістаў, збітых міліцыяй за апошнія дзесяць гадоў.

Прадстаўнікі СМІ настойліва просяць міністра інфармацыі пра асабістую сустрэчу з журналісцкай супольнасцю для абмеркавання пытанняў бяспекі супрацоўнікаў выданняў, а таксама прапануюць экспертную дапамогу ў гэтым вострым пытанні.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота TUT.BY