Журналісты Уладзіслаў Кулецкі і Аляксандра Квіткевіч арыштаваныя на 8 і 15 сутак



Журналістка партала tut.by і газеты „Новы Час” Аляксандра Квіткевіч арыштаваная на 15 сутак, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Рашэнне 18 лістапада прыняў суд Ленінскага раёна Менска (суддзя Анастасія Ачалава). Журналістка брала ўдзел у разглядзе сваёй справы па скайпе.

Квіткевіч была затрыманая 16 лістапада пасля завяршэння на сталічнай плошчы Якуба Коласа маршу пенсіянераў, які яна асвятляла. Яе даставілі ў Ленінскае РУУС, склалі пратакол па артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і адправілі ў ІЧУ ў 1-м завулку Акрэсціна.

Таксама БАЖ паведаміла, што рэдактар сайта realt.by Уладзіслаў Кулецкі, затрыманы 15 лістапада, калі ў Менску праходзіла акцыя памяці актывіста Рамана Бандарэнкі, атрымаў 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго прозвішча з’явілася ў валанцёрскім тэлеграм-канале „Спісы затрыманых”. Журналіст знаходзіцца ў Жодзіне.

Паводле звестак БАЖ, сёлета беларускія журналісты ў суме ўжо адседзелі 900 сутак арышту. У зняволенні застаюцца 20 журналістаў.

belapan.by