Журналісты выказваюць спачуванні ў сувязі з гібеллю Паўла Шарамета (абноўлена)
Гарадзенскія журналісты ўсклалі кветкі і запалілі знічы каля ганаровага консульства Украіны.
Гэтым яны ўшанавалі беларускага журналіста Паўла Шарамета, які загінуў раніцай 20 ліпеня у Кіеве.
Расказвае Алесь Кіркевіч:
– Шарамет быў дастаткова супярэчлівым чалавекам. Апошні раз мы бачыліся з ім года паўтара таму ў Вільні. Размаўлялі нават на падвышаных танах, у яго была сапраўды такая ідэя, што беларускія нацыяналісты – людзі дастаткова ненадзейныя. Маўляў, калі Лукашэнка стане пад нацыянальныя сцягі, то яны адразу да яго перабягуць. Але як не парадаксальна, пасля менавіта ён ставіў на “Беларускім партызане” мае артыкулы з выразнай пазіцыяй, не было з гэтым ніякіх праблем. І апошні яго артыкул пра мову, пра нацыянальныя каштоўнасці быў своеасаблівым запаветам Паўла Шарамета.
Пасля ўскладання кветак журналісты хвілінай маўчання ўзгадалі беларускага журналіста.
* * *
Берасцейская журналісцкая супольнасць выказвае спачуванні ў сувязі з гібеллю Паўла Шарамета. Шмат хто з іх быў знаёмы з журналістам, усе кажуць пра высокі ровень ягонай прафесійнасці.
Гаворыць Мікалай Аляксандраў, сябра БАЖ і галоўны рэдактар выдання “Берасцейскі кур’ер”:
– З Паўлам мы былі знаёмыя з пачатку 90-х, і тое, што здарылася, стала для мяне сапраўдным шокам. Ён быў з той генерацыі беларускіх журналістаў, якія стваралі сённяшнюю прафесійную журналістыку: і тэлевізійную, і друкаваную, і віртуальную. І тое, што ён зрабіў сабе імя ў журналістыцы, было смеласцю ў свой час.
Кіраўнік Берасцейскага абласнога аддзялення Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Максім Хлябец некалі супрацоўнічаў з Паўлам Шараметам у выданні “Беларускі партызан” і “Украінская праўда”. Ён адзначае, што Павел быў ягоным настаўнікам у прафесіі:
– Хачу выказаць словы спачування ягонай маці, я з ёй асабіста знаёмы, быў у яе дома некалькі разоў. Мне вельмі балюча, што мы згубілі такога журналіста. Сёння ў Беларусі такіх амаль не засталося, а можа нават і няма. Ён працаваў і на беларускім тэлебачанні, і на расейскім, а пасля стаў не патрэбны з-за таго, што казаў тое, што думаў, казаў праўду.
Берасцейскія журналісты спадзяюцца на аб’ектыўнае расследванне прычынаў гібелі Шарамета. “Трагедыя вялікая і для беларускай, і для ўкраінскай, і для расейскай журналістыкі,” – зазначае карэспандэнт выдання Tut.by Станіслаў Коршунаў.
Беларускае Радыё Рацыя