Журналістыка, Азія і гарбата з імбіром ад Таццяны Поклад



Журналістыка – гэта насамрэч своеасаблівы “наркотык”, і калі ты паспрабуеш яго аднойчы, то потым цяжка ўжо будзе адмовіцца… Былая карэспандэнтка “Белсата” і “Радыё Свабода” Таццяна Поклад вярнулася з Тайланда ў Вільню і думае пра В’етнам. Перад чарговым падарожжам у Азію яна хацела б паспець наведаць Беларусь, а пакуль – размова са спадарыняй Таццянай пра прафесію, пачуццё мовы і радзімы. Пра Менск і Вільню. Пра Азію – такую розную ў сваіх праявах.

РР: Што для вас – радыё, журналістыка?

Цяпер мала цікавага раблю для журналістыкі, але адчуванне мікрафона, жывога эфіру, таго, што ты кажаш пра важнае – гэта прабірае наскрозь і застаецца з табой назаўжды! Наркотык у добрым сэнсе слова! Па адукацыі я не журналістка – гісторык… Нарадзілася  ў Казахстане. Мама працавала там бухгалтарам і чытала лекцыі ва універсітэце горада Тараз (у той час – Джамбул)… Бацька служыў у войску і застаўся, бо ў мамы была добрая праца.

І ўсё ж яна вельмі моцна сумавала па Беларусі і, калі мне было 3 гады, мы прыехалі ў Менск з парай валізак. Кінулі ў Казахстане ўсе рэчы і кватэру, якую не змаглі прадаць ці размяняць. У свой час мама скончыла польскую школу, але заўжды падкрэслівала, што мы – беларусы! Усе летнія канікулы я бавіла ў вёсцы з бабуляй, якая заўжды гаварыла выключна па-беларуску. Я любіла вёску і не любіла Менск…

Год пасля школы прыйшлося прапусціць з-за праблем са зрокам. Рабілі афтальмалагічную аперацыю: у СССР са зрокам у мінус 12 вучыцца ва універсітэце было нельга. Праз год паехала ў Рыгу, Клайпеду, Вільню: хацела паступаць на гістфак, але там абавязкова трэба было ведаць літоўскую ці латышскую мовы, таму ў выніку я трапіла ў Калінінград і паступіла ў Калінінградскі універсітэт на гісторыю, дзе вучылася ў 1985-90-х гадах.

РР: Чаму не Менск?

– Я не люблю Менск, хоць і не хочацца казаць пра яго дрэнна… Беларусь – частка мяне, але Менск быў і застаецца вельмі не беларускім местам, не беларускім горадам. Чужы ён мне – бесчалавечны нейкі… Жорсткі? Магчыма, гэта нешта асабістае: хтосьці ж, наадварот, з’язджае з “дэпрэсіўнай” і “соннай” Вільні ў Менск. У 1990-м годзе мама вырашыла, што нам трэба пераязджаць у Вільню. Адна з прычын – Літва першай захацела выйсці з СССР, а Беларусь… Беларусь пад пытанем.   І гэта быў шанец вырвацца з СССР.

РР: А Калініград? Былы Кёніксберг?

– Быў дзіўны час… Так шмат новай інфармацыі і свабоды! У Калінінградзе мы, беларусы, размаўлялі на роднай мове, хоць і не былі вялікімі нацыяналістамі. А потым была Вільня… Дарэчы, доўгі час мы ездзілі з Вільні ў Менск на выставы цягніком: межаў яшчэ не было. Сеў раніцай, наведаў выставу Шагала і вярнуўся.

Дзівосныя насамрэч былі часы! Я прыехала ў Вільню з Калінінграда, не паехаўшы па размеркаванні (даведку пра яго я проста выкінула!) Прыйшла ў Міністэрства адукацыі Літвы ля касцёлу святой Ганны і сказала, што мовы літоўскай за тры дні не вывучыла, але вывучу абавязкова і… хачу працаваць у беларускай школе, хачу ствараць беларускую школу. Нахабства? Маладосць? Самаўпэўненасць? Мяне адправілі да Хведара Нюнькі (старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве ў той час). І ён кажа, што школы беларускай няма, але будзе, а пакуль, маўляў, уладкуйцеся на якую-небудзь афіцыйную працу… І я пайшла ў Гістарычны архіў. І мяне ўзялі туды на працу, дзякуючы добрай ангельскай і ўменню чытаць тэксты на старабеларускай мове. Да беларускіх старадрукаў мяне не пусцілі – працавала перакладчыкам…

восень 1990, Хведар Нюнька, Лявон Луцкевіч, Таццяна Поклад, Сяргей Карабач, Алесь Палескі

Потым пачала працаваць на наваствораным факультэце славістыкі Віленскага педінстытута, у сацыялагічнай лабараторыі. Учорашнюю студэнтку закінулі ствараць беларускае аддзяленне! Часы былі фантастычныя! Да нас прыязджалі таленавітыя, цікавыя людзі  — Міхась Раманюк, Вера Сагановіч…

Адначасова ўзнікла пытанне журналістыкі беларускамоўнай. Ствараліся Літоўскае нацыянальнае тэлебачанне, Літоўскае нацыянальнае радыё – і там беларуская меншасць, беларускія праграмы таксама атрымалі свае хвіліны эфіру.

РР: І тут пачынаецца ваша журналістыка?

– Так, я пачала працаваць на радыё з Лявонам Луцкевічам, які сам рыхтаваў усе матэрыялы. Гэта была мая першая журналісцкая праца – перадача “Беларускае слова на хвалях Літвы” раз на тыдзень. Потым было радыё “Балтыйскія хвалі” – радыё для Беларусі, не для нацыянальнай меншасці ў Літве. Мы мелі магчымасць вольна гаварыць пра многія рэчы, якія не маглі агучвацца ў Беларусі. У мяне там было дзве перадачы – “Літва пасля камунізму” і “Звычайны фемінізм”.

Потым я стала карэспандэнтам Радыё “Свабода” ў Вільні і канчаткова перайшла з педагогікі ў журналістыку. У ёй шмат жывога і нечаканага – разнастайнасць, магчымасць пабыць тым, кім ты б ніколі і не стаў, каб не нейкі новы рэпартаж, новая тэма.

Час ад часу працавала ў Празе ў рэдакцыі “Радыё Свабода”. Была вядучай эфіру і рабіла перадачу “Беларускае замежжа” з 2007 па 2010 год. У адрозненне ад журналістаў з Беларусі я не мела візавых праблемаў, была грамадзянкай Еўразвязу – і гэта было вельмі зручна для рэдакцыі. Рабіла рэпартажы з Вільні для “РС” як фрылансер-стрынгер, супрацоўнічала з “Белсатам” дзесьці да 2014 года, а потым прыйшлося адысці ад журналістыкі па прычыне асабістай…

РР: Сям’я?

– Пра гэта ўсё цяжка распавядаць і сёння… Я была адзінай дачкой у сваіх бацькоў… Бацькі не стала ў 2008 і, калі мама засталася адна і страціла зрок, я павінна была яе даглядаць, гэта была цалкам мая адказнасць і пытанняў быць не магло. Потым дадалася дэменцыя, якая пачала хутка прагрэсаваць. Гэта забірала эмацыйныя сілы і маю мабільнасць. Я не магла сарвацца і паехаць кудысьці рабіць рэпартаж. Мамы не стала два гады таму… Мяне ўсё гэта выбіла з актыўнага жыцця, з працы.

Тым часам мой сын Ігнась вучыўся дыстанцыйна ў Каліфарнійскім універсітэце, а праца яго  звязана з кампутарнымі тэхналогіямі. І ён  некалькі разоў ездзіў да сяброў-праграмістаў у Тайланд, а потым вырашыў пераехаць туды пажыць сам і ўгаварыў мяне таксама змяніць краявіды. Да таго ж сын цікавіцца Усходам, вывучаў японскую мову.

Таццяна і сын Ігнась. Тайланд 2016

РР: Але ж ваша праца не звязана з кампутарамі – чым прыйшлося займацца ў Тайландзе?

Людзям з Еўропы лёгка знайсці працу ў Тайландзе ў сферы адукацыі – і я зноўку пайшла ў педагогіку, выкладала ангельскую онлайн. Часам раблю пераклады з літоўскай на беларускую, на ангельскую. Я даволі хутка ў 90-х загаварыла на літоўскай – яе немагчыма было не вывучыць у Вільні.

Карацей, сын мяне пазваў у  цёплую краіну адагрэцца – і я паехала. Думала застацца на адну зіму, але затрымалася даўжэй. З лета я ў Вільні, але праз месяц-паўтара думаю вярнуцца на Усход… Хацелася б пажыць у В’етнаме і паспрабаваць сябе ў англамоўных інтэрнэт-мэдыях Тайланда: вабіць такі новы цікавы досьвед. Да таго ж заўжды ёсць рэальная магчымасць выкладаць ангельскую мову онлайн.

Азія мяне не адпускае, гэта праўда, хачу туды ізноў. В’етнам – былая французская калонія, і гэта аставіла свой адбітак. Чароўная краіна. Была там разы чатыры, і кожны раз пакідала са шкадаваньнем: і тое не пабачыла, і там не пабыла, і з людзьмі мала пагаварыла.

РР: Спадарыня Таццяна, як вам Вільня пасля доўгай адсутнасці?

Люблю Вільню, рада бачыць сяброў, але ж холадна! Пакуль ратуюся ад восеньскіх халадоў гарбатай і кавай з імбіром! Баюся нават падумаць, каб застацца тут на зіму. Пакуль не маю нават зімовай вярхней вопраткі і ботаў. Вельмі спадзяюся, што набываць не давядзецца.

 

Дар’я Ліс, Беларускае радыё Рацыя

Фота прадастаўлены Таццянай Поклад