Журналістыка падчас вайны



Стаўленне да падзеяў у Беларусі можна падзяліць па адной прынцыповай лініі: ці ўсведамляе чалавек, што ў Беларусі ідзе вайна. І што ад 2020 году вайна супраць беларусаў наблізілася да вострай фазы.

На беларускі медыярынак зайшоў новы журналісцка-аналітычны праект, які выклікаў вострую дыскусію ў прафесійных колах. Але я мяркую, што дыспуты медыйшчыкаў могуць быць цікавымі шырокаму колу. І вось чаму.

Медыя зрабіў сабе рэкламу з шэрагам тэзісаў, пабудаваных на адмаўленні пэўных з’яваў, якія існуюць у інфармацыйнай прасторы. Напрыклад, што актывізм – гэта кепска. Кшталту, у нас будуць толькі прафесіяналы, а не блогеры там нейкія. Так счытваю пасыл.

Яно то і ў мірны час гучыць грэбліва адносна грамадзянскай супольнасці, дзе будзь які актывізм ёсць падмуркам развіцця грамадства.

Але я пра вайну. На вайне прафесіяналы і добраахвотнікі – гэта прынцыпова важны сімбіоз.

Але больш важкі ўкід падчас рэкламы новага медыя адбыўся па тэме «двух бакоў».

Класіка журналістыкі, калі падчас асвятлення таго ці іншага супрацьстаяння мусяць выказацца два бакі канфлікту.

Але на вайне не можа быць класічнай журналістыкі.

Кшталту, «Давайце паслухаем два бакі. Зараз выкажацца Гітлер, а пасля Чэрчыль. А мы падумаем хто больш пераканаўчы».

Як у чалавека ў цябе ёсць мінімальны выбар: заняць той ці іншы бок, альбо схавацца.

Калі ж ты заходзіш на медыйны рынак са сваім праектам, пазіцыянаваць сябе па-над бітвай, выглядае вельмі непераканаўча.

Класічная журналістыка разумее пад сабою адкрытасць крыніц і свабоду выказвання.

Але нават выбраўшыся ў краіны дэмакратыі, беларусы не ўсе гатовыя адкрыта казаць што думаюць, бо ў Беларусі фактычна ў закладніках застаюцца сваякі.

Чэснасць выказвання пра падзеі ў Беларусі мае два варыянты. 

Першы – ты можаш падставіць людзей, якія знутры краіны працягваюць грамадскі супраціў, а часам і акцыі наўпроставага дзеяння.

А ва ўмовах вайны любая непадцэнзуная актыўнасць ёсць актам супраціву. Нават экскурсія, зробленая на беларускай мове.

Другое – ты мусіш казаць пра злачынствы рэжыму.

І вось чытаеш, што новы медыя мае інсайдэраў з нутры рэжыму. 

Трэба разумець, што так новы медыя паведаміць шмат важнага пра нябачныя працэсы сярод лукашыстаў і тых, хто мусіць з імі супрацоўнічаць.

Але тады гаворка хутчэй пра разведвальную дзейнасць, а не пра журналістыку.

То бок, зноў мы вяртаемся да тэмы вайны. Па вялікім рахунку тыя інсайдэры – грамадскія актывісты. Якія ананімна дапамагаюць журналістам асвятляць сітуацыю ў стане ворага.

Праваабаронцы прызнаюць Беларусь удзельніцай вайны Расеі супраць Украіны і дэ-факта акупаванай тэрыторыяй. Цяпер важна, каб людзі, якія асвятляць падзеі ў Беларусі, усвядомілі тое самае.

Беларускае Радыё Рацыя