Журы абрала тры эскізныя праекты мемарыяла ў Курапатах
Учора журы абрала тры эскізныя праекты памятнага знака ў Курапатах.
У конкурсе ўдзельнічала 32 праекты. На мемарыял сабрана ўжо 11 786 рублёў.
Збор сродкаў пачаўся летась. Ініцыятыва па стварэнні памятнага знака ў Курапатах была агучана падчас круглага стала, які адбыўся ў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссія» 24 лютага 2017 года.
Прадстаўнікі шэрагу грамадскіх ініцыятыў адмоўна паставіліся да планаў дзяржавы самастойна стварыць мемарыял на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці „Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930—1940-я гады)” ва ўрочышчы Курапаты.
Актывістка грамадскай ініцыятывы „У абарону Курапатаў” Ганна Шапуцька, якая не змагла прысутнічаць на круглым стале з-за сямейных абставінаў, паведаміла БелаПАН, што для яе абвяшчэнне папярэдніх вынікаў конкурсу сталася нечаканасцю.
„Нягледзячы на тое што я ўваходзіла ў грамадскую працоўную групу [па мемарыялізацыі Курапатаў], пра тое, што на круглым стале прадставяць ужо абраныя эскізныя праекты помніка, мне ніхто не паведаміў, — сказала яна. — Калі б я ўчора прыйшла на круглы стол, я б проста апынулася перад фактам, што ўсё ўжо адбылося. Дзякуй богу, што мяне там не было, і больш я ў складзе гэтай працоўнай групы знаходзіцца не збіраюся”.
„Мяркуючы па эскізах, яны аблюбавалі Галгофу — найвышэйшую кропку Курапатаў, якую трэба берагчы, ставіцца да гэтага месца з вялікай пашанай. Я не ведаю, што яны там хочуць ставіць гэты помнік, але не трэба чапаць гэтае месца. Там хапае прасторы на полі паміж „дарогай смерці” і мемарыялам, дзе можна паставіць хоць сотні помнікаў”, — дадала Шапуцька.
Да таго, што працэс імкнецца ўзначаліць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), прадстаўніца ініцыятывы „У абарону Курапатаў” ставіцца вельмі негатыўна. Паводле яе слоў, „у Курапатах да кожнага кавалачка зямлі, палітага крывёю, трэба падыходзіць з павагай”, а не „дзейнічаць нахрапам” ды працаваць „па-камуністычнаму, як на ленінскім суботніку”.
„Дзяржава ўжо паставіла сабе помнік у Курапатах у выглядзе так званага „Бульбаш-хола”. Зараз яна працягвае свае злачынствы, не дапускаючы нашых таленавітых людзей да ўдзелу у конкурсе. Але трэба працягваць грамадскі конкурс па мемарыялізацыі Курапатаў, назапашваць праекты. Там, на полі, можна рэалізаваць ідэі ўсіх людзей, былі б толькі грошы. Думаю, што мы самі можам таксама арганізаваць збор сродкаў без удзелу дзяржавы. І гэта будуць сапраўды народныя помнікі — больш карысныя і каштоўныя, чым тое, што цяпер робіць дзяржава”, — падкрэсліла Шапуцька.
Сваё негатыўнае стаўленне да дзеянняў улады ў Курапатах таксама выказаў БелаПАН журналіст, актывіст грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Марат Гаравы.
„Курапаты нікому канкрэтна не належаць, яны належаць народу Рэспублікі Беларусь, — заявіў ён. — Народ зрабіў там мемарыял, таму менавіта народ павінен зрабіць там мастацкае абрамленне, якое адпавядае беларускім нацыянальным традыцыям і сучаснаму ўзроўню падыходаў да помнікаў такога ўзроўню. Улады зрабілі тое, што маглі зрабіць. Яны змянілі канцэпцыю падыходу да мемарыялізацыі, бо хочуць ушанаваць палеглых у XX стагоддзі наогул. А мы кажам пра ўшанаванне бязвінных ахвяраў сталінізму”.
Паводле слоў Гаравога, актывісты ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” ды іх паплечнікі не маюць права ўдзельнічаць у такім конкурсе, бо ім „не падыходзяць ні прынцыпы, з якімі ажыццяўляецца гэты конкурс, ні методыка”. „Браць у ім удзел мы зможам толькі тады, калі ў краіне будзе спынены палітычны пераслед, калі будуць адкрытыя імёны курапацкіх ахвяраў, калі будзе вернута ахоўная зона Курапатаў, дзе гэта магчыма, да 300-метровай шырыні, калі шырокая грамадскасць і ў першую чаргу нашчадкі ахвяраў рэпрэсій возьмуць удзел у такім конкурсе”, — патлумачыў журналіст.
Гаравы нагадаў, што „Эксперты ў абарону Курапатаў” і шэраг іншых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў ладзяць свой адкрыты творчы конкурс „Курапаты — народны мемарыял”. У 2016—2017 гадах на конкурс паступіла 44 працы ад 38 аўтараў з Беларусі і Польшчы.
„Зараз мы праводзім другі этап конкурсу, які завершыцца напрыканцы гэтага года. Мы падвядзем яго вынікі, пакажам іх людзям. А там будзем думаць, што рабіць. Ніхто нікому і ніколі не зможа закрыць шлях да мемарыялізацыі Курапатаў. Усе мы тут часовыя, а Курапаты — вечныя. Тое, што мы і грамадскасць напрацоўваем, безумоўна, некалі будзе рэалізавана, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. <…> Таму паставяць [улады памятны знак], ну і што? А народ будзе працягваць рабіць мемарыял. Пройдуць гады і дзесяцігоддзі, і ўсё стане на свае месцы”, — падсумаваў Гаравы.