Жыхар Гальшанаў засуджаны да 8 гадоў па абвінавачанні ў тэрарызме



Восем гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму – такі прысуд пачуў 55-гадовы жыхар аграгарадка Гальшаны (Ашмянскі раён Гарадзенскай вобласці) Іван Вярбіцкі, абвінавачаны на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку „тэрарыстычнага”.

Рашэнне вынес суд Смаргонскага раёна (суддзя Людміла Пятрова).

За падбухторванне да акта тэрарызму (ч. 1 арт. 289) Вярбіцкі прыгавораны да васьмі гадоў калоніі, за знішчэнне пастановы на вобшук (ч. 1 арт. 377) — да двух месяцаў (выніковае пакаранне вызначанае шляхам частковага складання). Па арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) падсудны апраўданы.

Як заявіла раней пракуратура Ашмянскага раёна, 14 кастрычніка 2020 года для дэстабілізацыі становішча Вярбіцкі ў лакальных тэлеграм-каналах размясціў тэкставыя паведамленні з заклікамі закідаць „кактэйлямі Молатава” будынак КДБ, падпаліць раённую пракуратуру, пашкоджваць і знішчаць маёмасць сілавікоў і іх жонак, падпальваючы транспартныя сродкі.

Мужчына прызнаў віну толькі ў пашкоджанні пастановы на вобшук і заклікаў распачаць крымінальную справу ў дачыненні да дзяржабвінаваўцы Сяргея Кавальчука, які прасіў суд пакараць Вярбіцкага 9,5 года пазбаўлення волі.

Суд пачаў разглядаць справу Вярбіцкага 2 лютага. Абвінавачаны заявіў, што ўсе згаданыя паведамленні — гэта быў „тролінг”, а не рэальны намер.

spring96.org