Жыхар Барысава браў напракат ровары ў Менску і здаваў іх у ламбард



Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС Менска затрыманы мужчына, які ўчыняў ашуканскія дзеянні на тэрыторыі Савецкага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў.

Як паведамілі ў раённым упраўленні міліцыі, жыхар Барысава вырашыў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча продажам узятага ў пракат веласіпеда. У Савецкае РУУС паступіла заява ад індывідуальнага прадпрымальніка, які займаецца пракатам веласіпедаў. Ён паведаміў, што малады чалавек, які аформіў пракат на кароткі час, не вярнуў транспартны сродак ва ўстаноўлены тэрмін і не выходзіць на сувязь па пакінутых нумарах тэлефонаў.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС было ўстаноўлена, што ўзяты напракат веласіпед падазроны здаў у ламбард, а атрыманымі грашыма аддаваў даўгі. Як высветлілася, зламыснік ўжо займаўся такімі афёрамі на тэрыторыі Першамайскага і Маскоўскага раёнаў.

У дачыненні да мужчыны пачатыя некалькі спраў на падставе арт. 209 КК (махлярства).

belapan.by