Жыхар Берасця хацеў вывезці з Польшчы 46 кг мяса
Нелегальны прадукт берасцеец схаваў ад мытнага кантролю ў маторным адсеку і за абшыўкай салона аўтамабіля.
Адміністрацыйны працэс у дачыненні да парушальніка быў пачаты Берасцейскай мытняй 6 лістапада. Мужчына ехаў з Польшчы праз пункт мытнага афармлення „Варшаўскі мост”. Пры перасячэнні мяжы на мікрааўтобусе „Фальксваген Транспарцёр” ён абраў зялёны калідор, прызначаны для перамяшчэння тавараў, якія не падлягаюць мытнаму дэклараванню. Аўтамабіль, які выклікаў падазрэнні, мытнікі накіравалі для сумеснага надгляду з супрацоўнікамі памежнай службы.
У выніку ў маторным адсеку і за дэкаратыўнай ашалёўкай салона мікрааўтобуса было выяўлена 46 кг сырога мяса, паведамілі у прэс-групе Берасцейскай мытні.
Увесь тавар і мікрааўтобус канфіскаваныя да рашэння суда. Па папярэдняй ацэнцы агульны кошт канфіскаванага склала больш за 70 млн беларускіх рублёў.