Жыхар Бярозы атрымаў год „хіміі” за разбітае шкло міліцэйскага мікрааўтобуса
28 студзеня суд у судзе Бярозаўскага раёна быў агучаны прысуд 36-гадоваму Вадзіму Сычыку, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Наталля Вакульчык прысудзіла Сычыка да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хімія”). Менавіта такое пакаранне запрасіў напярэдадні намеснік пракурора Яфімаў.
Згодна з абвінавачваннем, Вадзім Сычык 10 жніўня ў перыяд часу з 22.50 па 23.00 груба парушаючы грамадскі парадак і з хуліганскіх намераў наўмысна адзін раз кінуў неўстаноўленым прадметам і знішчыў бакавое шкло аўтобуса маркі МАЗ, які рухаўся па вуліцы Леніна ў Бярозе і ў якім у той момант знаходзіліся супрацоўнікі Бярозаўскага РАУС. Сваімі дзеяннямі нанёс маёмасную шкоду філіялу “Аўтамабільны парк №8 г. Бярозы” на суму 270 рублёў.
Абвінавачаны сваю віну прызнаў часткова: не адмаўляе кідка, але кажа, што не меў хуліганскіх намераў і не кідаў наўмысна ў аўтобус запальнічку. Па яго версіі, ён моцна раззлаваўся з-за таго, што яго не спрацавала запальнічка, і кінуў яе ў бок праезнай часткі, вечка адарвалася і трапіла ў аўтобус, які праязджаў міма – шкло пакрылася „сетачкай”.
Вадзім Сычык знаходзіўся пад вартай з 11 снежня. Пасля агучвання прысуду яго адпусцілі на волю ў залі суда.