Жыхар Бярозы: Лепшага здзеку над людзьмі, як гэты падатак, цяжка прыдумаць
У беларускіх беспрацоўных, пастаўленых уладамі ў цяжкія умовы выжывання, падатак на дармаеда адымае ўсялякую надзею на паляпшэнне сваёй сітуацыі і заганяе ў дэпрэсіўны стан. Дабываючы хоць нейкія сродкі на сваё выжыванне, людзі не маюць магчымасці заплаціць прызначаны падатак. Яны баяцца, што ў іх адымуць тое апошняе з маёмасці, што зарабілі цяжкай працай яшчэ ў савецкія часы, – кажа 59-гадовы беспрацоўны “чарнобылец” з Бярозы Анатоль Альхоў:
– Маю гараж. Калісьці меў машыну, зараз няма за што яе ўтрымліваць, машыну разабраў на запчасткі і здаў на металалом. Цяпер трэба ад гаража пазбаўляцца. Інакш адбяруць і яшчэ вінаватым будзеш. З хаты выграбуць адназначна… Не паверыце, але мне даішнік выпісаў штраф 180 тысяч, за тое, што ў мяне стары ровар. Я сказаў таму міліцыянту, што дай мне грошы, я пакіну табе гэты ровар, пры табе куплю новы і паеду… Паглядзіш – па сметніках людзі лазяць. Хто там прамышляе? Раней яны на заводзе працавалі, а цяпер гэтыя людзі па сметніках лазяць. Твар свой хаваюць, бо сорамна.
Анатоль Альхоў экскаватаршчык з амаль 44-гадавым стажам. Паводле яго слоў, у Беларусі рабочы з такім досведам не патрэбны, а ў Расеі, калі не падмануць, то за цяжкую працу заплацяць мізэрныя грошы.
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:
Беларускае Радыё Рацыя