Жыхар Бярозы распавёў пра катаванні, якія ён зазнаў 11 жніўня
42-гадовы жыхар Бярозы Руслан Сандрозд стаў ахвярай хапуна пасля Плошчы.
Яго схапілі 11 жніўня. Мажнога мужчыну павалілі шасцёра ў балаклавах без апазнавальных знакаў. Заціснулі рукі кайданкамі, білі дубінкамі і здзекаваліся, хаця Сандрозд не быў удзельнікам акцый 9-10 жніўня. Затое яго добра ведае мясцовая міліцыя, з беззаконнямі якой бярозаўчанін даўно змагаецца. Гаворыць Руслан Сандрозд, які па рашэнню Івацэвіцкага суддзі адсядзеў двое сутак у Івацэвіцкай турме, куды завезлі яго з Бярозаўскаўскага ізалятара часовага ўтрымання:
– Тварам у зямлю. На карачках перамяшчаешся. Мясілі ўвесь час. Распраналі да гала, прысядалі. Затым дарожку прабягалі на паўсогнутых. І паходу нас мясілі.
Да гэтага часу Сандрозд не можа адысці ад пабояў, звяртаўся ў Берасцейскую абласную бальніцу за дапамогай. Але пакуль не можа выконваць работу, якую рабіў раней:
– Кайданкі надзелі. Да сёння не магу нармальна працаваць рукамі. Было вельмі вялікае аняменне на руках. І яшчэ ахоўнік нанёс мне ўдар дубінкай па калену. Я па ранейшаму не магу нармальна аперціся на левае калена.
Паводле Руслана Сандразда, баліць пазваночнік і галава. Па ім, калі ляжаў на зямлі, хадзілі нагамі, наступалі на галаву. Сінякі ад удараў дубінкай ужо прайшлі, пабітыя месцы балелі два тыдні. Не вярнулі яму і грошы звыш 800 рублёў. Але мужчына лічыць, што яму яшчэ пашчасціла. Ён бачыў значна больш жахлівыя выпадкі.
Беларускае Радыё Рацыя