Жыхар Бярозы захацеў даведацца ўсю праўду пра чыноўнікаў раёна



Жыхар Бярозы Вадзім Якушык захацеў даведацца ў райвыканкаме пра колькасць чыноўнікаў і начальнікаў у раёне і іх заробкі. А таксама пра тое, як выкарыстоўваецца службовы транспарт і на якіх марках службовых аўто катаюцца нашы чыноўнікі і кіраўнікі.

Кажа Вадзім Якушык:

– Задаў пытанні: колькі дзяржустаноў у нашым Бярозаўскім раёне,  колькі дзяржслужачых, якія ў іх прозвішчы, якія пасады, колькі яны зарабляюць? Каб нам, простым людзям было зразумела, наколькі яны блізкія да народа. Каб яны патлумачылі, колькі транспарту ў выканкаме, колькі паліва скарыстоўвае транспарт выканкама, дзе гэта фіксуецца, куды транспарт можа накіроўвацца, дзе гэта рэгіструецца, дзе павінен знаходзіцца транспарт выканкама ў непрацоўны час.

Па словах Вадзіма Якушыка, даволі праблематычна было здаць заявы. Прыйшлося наведаць тры кабінеты. У кабінеце „адно акно” пасля агучаных пытанняў, адаслалі ў кабінет рэгістрацыі заяў, а адтуль у кабінет упраўляючай справамі Вольгі Шып, якой не спадабалася інтанацыя Якушыка, але заявы былі прыняты.

Беларускае Радыё Рацыя