Жыхар Івацэвічаў змагаецца за чыстую ваду
Аператар водазабору на Шыбельнай гары ў Івацэвічах Станіслаў Халадовіч ужо некалькі гадоў змагаецца за чыстую ваду, што падаецца людзям, а таксама за цану, якая ўвесь час расце.
Ён падыходзіць да праблемы прафесійна, ведае, што ёмкасці для вады не чысцяцца з моманту запуску станцыі, то-бок з 2006 года, а патрэбна, каб чысціліся штогод.
З праблемамі водазабору звярнуўся да свайго кіраўніцтва, замест падзякі – не працягненне кантракту з 31-га сакавіка, кажа Станіслаў Халадовіч:
– Пачынаючы з 2013 года я іх усё „душыў”. Я за гэтыя паўгады палічыў прыходы, расходы, электраэнергію. Думаў паразмаўляю, дзе мы можам знайсці і дзе мы губляем, але я так зразумеў, што я там непатрэбны.
Паводле Халадовіча, санэпідстанцыя пацвердзіла ўсе парушэнні, якія ён выклаў у скарзе пракурору раёна. Але тут жа запэўніла, што вада адпавядае санітарным нормам, а чысціць ёмістасць няма тэхнічнай мажлівасці:
– А хто стварыў гэтыя тэхнічныя немагчымасці, гэта ж кіраўніцтва стварыла. У першай ёмістасці тэхнічны люк ёсць, а ў другой і трэцяй не паставілі.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Станіслаў Халадовіч лічыць, што галавацяпства кіраўніцтва можна выправіць. Пераставіць тэхнічныя люкі са старых ёмкасцяў. Але падобна нікаго праблема чыстай вады не турбуе.
Па словах экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў па Івацэвіцкай акрузе Валянціна Лазарэнкава, які падключыўся да вырашэння гэтай праблемы, яны з Халадовічам не адступяцца ад гэтай праблемы. Бо яна характэрна не толькі для Івацэвічаў.
Беларускае Радыё Рацыя