Жыхар Кіраўскага раёна абвінавачаны ў падмане 38 чалавек
Органы следства завяршылі разгляд справы 39-гадовага ліхвяра з Кіраўскага раёна, абвінавачанага ў замаху на махлярства, учыненым у асабліва буйным памеры, фальсіфікацыі доказаў і вымагальніцтве.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, абвінавачваны, не маючы сталай легальнай крыніцы даходу, са снежня 2007 па травень 2017 года займаўся ліхвярствам, пазычаючы грашовыя сродкі жыхарам раёна і фіксуючы ўзніклыя грамадзянска-прававыя адносіны шляхам складання даўгавых распісак.
„Пасля вяртання доўгу грамадзянамі, карыстаючыся іх даверлівасцю, абвінавачваны працягваў утрымліваць распіскі. У далейшым мужчына звяртаўся ў суды з іскавымі заявамі аб спагнанні на яго карысць грашовых сродкаў, утойваючы факт адсутнасці доўгу, пры гэтым падаючы ў якасці доказаў распіскі, якія захаваліся ў яго, што з’яўлялася падставай для прыняцця судамі рашэнняў на яго карысць”, — сказала Салянюк.
„Ён спрабаваў завалодаць маёмасцю грамадзян на агульную суму большую за 28 тыс. рублёў. Аднак у сувязі з неплацежаздольнасцю пацярпелых змог завалодаць іх маёмасцю на суму большую за 13 тыс. рублёў”, — адзначыла прадстаўнік следства. Паводле яе слоў, суды па iсках аб вяртанні доўгу праходзілі ў Бабруйску і Кіраўску і праз іх прайшлі 38 грамадзян, якія ўзялі ў доўг у ліхвяра, што захаваў пасля вяртання грошай даўгавыя распіскі. Цяпер яны прызнаныя пацярпелымі ад дзеянняў абвінавачванага.
„Акрамя таго, устаноўлена, што мужчына неаднаразова выстаўляў да адной з пацярпелых патрабаванні аб перадачы яму грашовых сродкаў, якія суправаджаліся пагрозамі распаўсюджвання паклёпніцкіх звестак. Рэальна ўспрымаючы выказаныя абвінавачваным пагрозы, пацярпелая перадала яму грашовыя сродкі ў суме 4.000 рублёў”, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК.
Абвінавачваны знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіравана ў суд.