У жыхара Крычава канфіскавалі дзве стрэльбы і забітага дзіка



Супрацоўнікі Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі крычаўскага паляўнічага, у машыне якога знайшлі тушу дзіка.

Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Радкевіч, факт незаконнага палявання быў выяўлены 9 снежня недалёка ад вёскі Краснае Мсціслаўскага раёна, калі інспектары спынілі аўтамабіль „Ніва”, якім кіраваў 33-гадовы жыхар Крычава. У багажніку машыны яны выявілі тушу дзіка вагой 73 кілаграмы.

Супрацоўнікі прыродааховы ўсталявалі, што раніцай 9 снежня мужчына, палюючы па пуцёўцы ў Мсціслаўскім раёне на пушных жывёл, незаконна падстрэліў з паляўнічай гладкаствольнай стрэльбы самца дзіка. „У выніку незаконнага палявання нанесеная шкода навакольнаму асяроддзю ў памеры 120 базавых велічынь (2.760 рублёў). Пры правядзенні аператыўна-следчых мерапрыемстваў канфіскаваныя дзве паляўнічыя гладкаствольныя стрэльбы МР-27 ЕМ і ТОЗ-120, а таксама туша дзіка”, — распавёў Радкевіч.

Па факце незаконнага палявання Мсціслаўскім раённым аддзелам СК у дачыненні да крычаўскага паляўнічага распачатая справа па ч. 2 арт. 282 (незаконнае паляванне, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Падазроны затрыманы.

Паводле даных абласной інспекцыі, сёлета на тэрыторыі рэгіёна зафіксавана 17 выпадкаў незаконнай здабычы дзікіх капытных жывёл (лось, дзік, казуля) і два выпадкі незаконнай транспарціроўкі жывёлы, калі даказаць незаконную здабычу было немагчыма. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выяўлена на адзін выпадак браканьерства менш.

belapan.by