Жыхар Ласосна-4: Дзякуючы СМІ, пачалі будаваць дарогу



Пасля неаднаразовых зваротаў у СМІ, створанай петыцыі і зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі жыхарам гарадзенскага мікрараёну Ласосна-4 пачалі будаваць дарогу.

Пра працы распавядае жыхар Ласосна-4 Віталь Вановіч:

– Збудавана дастаткова вялікая частка пешаходнай дарожкі. Бардзюры пастаўлены. Там ужо амаль на працягу ўсёй нашай грунтовай дарогі працы зроблены. Ужо пачынаецца ўсталяванне ліхтароў. Таксама невялікая частка гэтага фінішнага пакрыцця зроблена. Не асфальт, а па словаў выканаўцаў, нейкая новая тэхналогія, калі грунт змешаны з цэментам, ён утварае такое больш-менш цвёрдае пакрыццё.

Віталь Вановіч спадзяецца, што дарогу пабудуюць да вясны 2020 году:

– Згодна з праектам і патрабаваннямі ўлады, павінна гэта быць зроблена за 4 месяцы. Праводзіўся тэндар. У ім удзельнічалі дзве арганізацыі – Гроднажылбуд і Рэмстройаўтадор. У выніку Гроднажылбуд робіць гэтыя працы. Яны павінны за 4 месяцы скончыць. Канешне, калі працы пачаліся ў лістападзе, то ўсё залежыць ад надвор’я. Пакуль што шанцуе, увесь час працы адбываюцца. Маразоў вялікіх не было. То-бок, яны там бесперапынна працуюць.

Жыхары Ласосна-4 дзякуюць за падтрымку ў змаганні за дарогу незалежным журналістам і грамадскім актывістам і спадзяюцца, што ў 2020-м годзе да іх у мікрараён таксама пусцяць грамадскі транспарт.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча