Жыхар Лепельскага раёна заклаў выбуховае прыстасаванне пад аўто сваёй жонкі
Супрацоўнікі Лепельскага РАУС затрымалі мужчыну, які ўсталяваў самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад аўтамабіль жонкі, каб адгаварыць яе ад разводу. Такая інфармацыя размешчана ў Telegram-канале УУС Віцебскага аблвыканкама.
Увечары 24 мая ў Лепельскі РАУС патэлефанавала 45-гадовая жыхарка раёна і паведаміла, што на дно яе аўтамабіля невядомы прымацаваў падобны да выбухоўкі прадмет. Аб знаходцы жанчына даведалася ад свайго знаёмага, які рамантаваў іншамарку.
Сапёры канфіскавалі самаробную бомбу. Яна складалася з металічнай банкі з порахам, электрадэтанатара, шруб для паразы і была падключана да электрасеткі машыны.
Аператыўнікі крымінальнага вышуку высветлілі, што да ўстаноўкі выбухоўкі датычны 44-гадовы муж заяўніцы. Такім спосабам ён хацеў напалохаць жанчыну і паўплываць на яе рашэнне, каб яна адмовілася ад разводу. Вядома, што фігурант злоўжываў алкаголем. Па гэтай прычыне ад яго і сышла жонка. Вясковец некалькі разоў спрабаваў пераканаць яе вярнуцца, але ўгаворы былі марныя і часцей за ўсё перарасталі ў абразы.
Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням затрыманага і распачалі крымінальную справу за замах на забойства. Цяпер прызначаны адпаведныя экспертызы на прадмет злачынства.