Жыхар Лепеля спрабаваў прадаць кулямёт



Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці расследуе крымінальную справу, пачатую па матэрыялах праверкі супрацоўнікаў 11-га ўпраўлення (па Магілёўскай вобласці) ГУБАЗіК МУС у дачыненні да 25-гадовага жыхара Лепеля. Ён захоўваў кулямёт Дзегцярова і часткі агнястрэльнай зброі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Іна Гарбачова, у час правядзення следчых дзеянняў і аператыўных мерапрыемстваў устаноўлена, што мужчына незаконна набыў агнястрэльную зброю, пасля чаго на адной з беларускіх анлайн-пляцовак для куплі тавараў размясціў аб’яву пра продаж кулямёта за 9 млн. рублёў.

Па гэтым факце праводзілася праверка. Прадаўца затрымалі ў Лепелі. Падчас вобшуку ў яго знайшлі не толькі выстаўлены на продаж кулямёт, але і металашукальнік, часткі агнястрэльнай і халоднай зброі.

Затрыманаму выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі). Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Следства разглядае пытанне пра ўнясенне прадстаўлення ў адрас анлайн-пляцоўкі для куплі тавараў, якая дазволіла размяшчаць аб’явы пра продаж тавараў, абарот якіх забаронены.

belapan.by