Жыхар Магілёва падазраецца ў вырабе выбухоўкі



У Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі 23-гадовага мясцовага жыхара па падазрэнні ў вырабе выбухованебяспечных прадметаў.

Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама 16 жніўня па тэлефоне 102 паступіла інфармацыя ад намесніка старшыні аднаго з гаражных кааператываў абласнога цэнтра, які распавёў, што ў гаражы знаходзіцца нейкі грамадзянін, а ў памяшканні знойдзеныя колбы з невядомым рэчывам.

„Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС Магілёва, якія прыбілі на месца, затрымалі 23-гадовага магіляўчаніна. У гаражы, які, паводле яго слоў, ён здымаў у знаёмага, былі знойдзеныя рэчывы, прыдатныя для вырабу выбуховых рэчываў і выбуховых прылад”, — распавялі ў абласным міліцэйскім ведамстве .

Паводле слоў першага намесніка начальніка УУС Аляксандра Васільева, пры аглядзе па месцы жыхарства затрыманага былі знойдзеныя хімічныя кампаненты для вырабу выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, самаробныя прадметы, падобныя па выглядзе да агнястрэльнай зброі, і боепрыпасы да іх.

Папярэдне супрацоўнікамі міліцыі ўстаноўлена, што затрыманы вырабляў самаробныя выбуховыя прылады, начыненыя цвікамі, шрубамі і свінцом і выпрабоўваў іх на адкрытай мясцовасці.

Канфіскаваныя прадметы накіраваныя на экспертызу. Магілёўскі міжрайаддзел Следчага камітэта распачаў справу па ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

belapan.by