Жыхар Магілёва прыгавораны да пазбаўлення волі за перформанс з лялькамі
46-гадовы жыхар Магілёва Дзмітрый Лукашэвіч прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за перформанс з роставымі лялькамі і надпісамі пра вышэйшых службовых асоб, паведамляюць праваабаронцы.
Лукашэвіч быў абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 339 (злоснае хуліганства) і 368 (абраза прэзідэнта). Закрыты працэс пачаўся 4 чэрвеня і завяршыўся 7-га. Фігурант знаходзіцца пад вартай з 2 сакавіка, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У красавіку па „справе аб ляльках” былі асуджаныя тры жыхары Магілёва: 46-гадовая Вольга Клімкова, 33-гадовы Сяргей Скок і 37-гадовы Максім Сяргеенка. Клімкова і Скок атрымалі 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Сяргеенка — 3 гады. Яны таксама прызнаныя палітвязнямі.
Пра затрыманне магіляўчан стала вядома з паведамлення прэс-службы МУС у канцы лістапада 2020 года. З яго вынікала, што яны пазнаёміліся ў дваровым чаце, вырабілі шэсць роставых лялек, якія размясцілі на пуцеправодах у Магілёўскім раёне, і затым распаўсюдзілі фота з імі ў інтэрнэце.
Па гэтай справе было затрымана каля 10 чалавек.
Скок і Клімкова знаходзіліся пад вартай з лістапада, Сяргеенка быў пад падпіскай аб нявыездзе — яго ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду.