Жыхар Менскага раёна пры рэканструкцыі дома знайшоў скрутак з тратылам
У аператыўна-дзяжурную службу Ждановіцкага аддзела міліцыі Менскага РУУС пазваніў 31-гадовы жыхар аграгарадка Ратамка, які паведаміў аб знаходцы ў сябе пад дахам скрутка з рэчывам, падобным на тратыл.
На месца здарэння выехалі супрацоўнікі Менскага РУУС, а таксама прадстаўнікі раённых аддзелаў Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, сапёрна-піратэхнічная група в/ч 5448. У скрутку, як мяркуецца, знаходзілася тратылавая шашка вагай каля 400 грамаў і рэшткі тратылавай шашкі вагай каля 200 грамаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі ў УУС Менаблвыканкама.
Як патлумачыў мужчына, знаходку ён выявіў падчас рэканструкцыі даху жылля, прыбіраючы смецце. Хутчэй за ўсё тратыл належаў памерламу дзеду, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ён і захоўваў выбуховае рэчыва пад дахам дома. Тратыл накіраваны на экспертызу, у далейшым яго знішчаць.