Жыхар Менску застрэліў на Дзятлаўшчыне зубра
18 студзеня каля 5 гадзін на заснежаным полі каля вёскі Чырвоны Бор Дзятлаўскага раёна адбылося некалькі выстралаў. Аказалася, што гэта страляў 48-гадовы жыхар Менску з паляўнічага карабіна “Тікка” М595 з прыцэлам начнога бачання па зубру. Зубр быў забіты.
Браканьера хутка затрымалі. Ёсць сведкі, якія чулі і бачылі, як ён страляў па лясным прыгажуне, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і паляваць на яго забаронена.
Супраць менчука пачата крымінальная справа. Яго засудзяць да штрафу не менш за 400 базавых велічынь.
Аксана Шпак, Беларускае радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота: УСК па Гарадзенскай вобласці