Жыхар Мёраў змагаецца за права кіраваць аўтамабілем
Пяць год змагаецца Віктар Курыловіч з Мёраў з медыкамі за права зноў сесці за руль аўтамабіля. Як кажа Віктар, ён не можа атрымаць патрэбную медыцынскую даведку, бо яму прыпісваюць медыцынскі дыягназ, на які ён не пакутуе. Мужчына кіраваў аўтамабілем з 1993 года, і раней у яго не было ніякіх праблемаў пры праходжанні медыцынскай камісіі. Але ў 2013 годзе яны ўзніклі. Пасля таго, калі ён, па словах самаго Віктара, стаў сведкам дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам намесніка галоўнага ўрача мёрскай бальніцы і яе мужа, а таксама з удзелам мясцовага міліцыянта.
Паводле Віктара Курыловіча, міліцыянт збіў два дарожныя знакі на дарозе і быў нецвярозы. Тады пасажыра з машыны нават выцягваў сам Віктар:
– І пасля, як вынік усёй гэтай аварыі, тыдні напэўна два ці тры прайшло, сустракаю знаёмых спрацоўнікаў ДАІ, я запытаў як яны працуюць. Для калгасніка 0,5 дапушчальна, а 0,51 ужо пазбаўляюць і максімальны штраф. А як свайго міліцыянта, то можна і кроў памяняць, мачу памяняць, алкатэстэр падмануць, з урачом дамовіцца – усё можна. Так па языках гэта дайшло да начальніка ДАІ.
Галоўны ўрач Мёрскай раённай бальніцы Алена Сівая ад каментароў для СМІ наконт сітуацыі Курыловіча адмовілася:
– Нічога казаць не буду, афіцыйны запыт, афіцыйны адказ. Ваш запыт павінен пайсці, у залежнасці ад пытанняў зможам вам даць адказ, ці напішам, што вы гэту інфармацыю ад нас не атрымаеце ў адпаведнасці з законам „Аб ахове здароўя”. Вы спачатку пачытайце закон „Аб ахове здароўя”, там слова СМІ, і што мы даем інфармацыю, няма ўвогуле.
У сваю чаргу Віктар Курыловіч кажа, што ён працягне змагацца за сваё права кіраваць аўтамабілем. Ён ужо звяртаўся да галоўнага ўрача Мёрскай бальніцы, мясцовы РАУС, пракуратуру, Следчы камітэт, суд, Міністэрства аховы здароўя. Пакуль ніякіх станоўчых вынікаў няма, таму ён працягне змагацца за свае правы на міжнародным узроўні.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя