Жыхар Рэчыцы заплаціў 5 тыс. $ за забойства жонкі
Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершана расследаванне заказнога забойства 34-гадовай жыхаркі Рэчыцы.
У красавіку 2015 года пацярпелую з яўнымі прыкметамі гвалтоўнай смерці ў двары прыватнага дома знайшла маці. Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства быў затрыманы муж загінулай, мужчына 1969 года нараджэння. На допыце ў якасці падазраванага ён катэгарычна адмаўляў сваё дачыненне да забойства. На наступны дзень супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі яшчэ аднаго падазраванага – мужчыну 1965 года нараджэння, жыхара Рэчыцкага раёна, работніка рытуальнай службы.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, высветлілася, што муж забітай задумаў злачынства яшчэ ў 2014 годзе „з мэтай займець у сваю ўласнасць маёмасць, набытую ў шлюбе”. У пачатку гэтага года ён прапанаваў учыніць забойства брату сваёй першай жонкі за 5 тыс. долараў. Зламыснікі распрацавалі план злачынства, аднак рэалізаваць яго змаглі толькі з другой спробы.
У прызначаную раніцу муж пацярпелай паехаў з дома на аўтамабілі з асабістым вадзіцелем. Забяспечваючы сабе алібі, ён сустракаўся са многімі людзьмі. Прыкладна ў 8.30 другі абвінавачваны пад выглядам работніка газавай службы пранік у яго дом і папрасіў гаспадыню паказаць у двары газавы лічыльнік. Калі жанчына выйшла з дома, зламыснік напаў на яе і нанёс шматлікія ўдары прынесеным нажом. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелая памерла на месцы здарэння. Пераканаўшыся ў яе смерці, мужчына інсцэніраваў рабаванне – сарваў з цела залатыя ўпрыгажэнні, вярнуўшыся ў дом, раскідаў у пакоях рэчы. Праз некалькі гадзін пасля забойства ён атрымаў ад замоўцы частку абяцанай сумы, а на наступны дзень – ужо забіраў з морга цела забітай ім жанчыны як прадстаўнік рытуальнай службы.
Па гэтай крымінальнай справе следства правяло вялікі аб’ём работ, адзначыла прадстаўнік УСК. Было дапытана больш за 50 сведак, праведзена 33 судова-крыміналістычныя экспертызы, некалькі вочных ставак і следчы эксперымент. Цяпер справа накіравана ў суд.