Жыхар Слоніма просіць гарадское кіраўніцтва дазволіць сустрэць Новы год у кампаніі сяброў
Жыхар Слоніма Аляксандр Салейка напісаў заяву ў Слонімскі райвыканкам з просьбай дазволіць масавае мерапрыемства на Новы год, перадае «Газета Слонімская».
Мужчына папрасіў старшыню райвыканкама Генадзя Хоміча дазволіць яму разам з сябрамі арганізаваць свята на Новы год на ўзвышшы на скрыжаванні пр-т Незалежнасці і вуліцы Еўфрасінні Полацкай. У сваёй заяве Аляксандр Салейка ўдакладняе мэту мерапрыемства:
«Сустрэча Новага года ў кампаніі сяброў, фатаграфаванне на памяць, карагоды, запуск салюту, правядзенне конкурсаў, катанне з горкі, стварэнне спрыяльнага эмацыйнага стану ў дзяцей і бацькоў»
Звяртаючыся да старшыні Слонімскага выканкама Генадзю Хомічу, Аляксандр спасылаецца на Закон „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». У канцы звароту сланімчанін просіць адказаць на пытанне: ці з’яўляецца абраная тэрыторыя правядзення мерапрыемства грамадскім месцам.
Беларускае Радыё Рацыя
