Жыхар Віцебска выцягнуў з магілы крыж і аднёс за агароджу



Здымак: pixabay.com

Жыхара Віцебска прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за апаганьванне магіл: п’яны мужчына выцягнуў крыж з магілы самагубцы і аднёс яго за агароджу могілак, паведамляюць “Народныя навіны Віцебска”.

У той дзень мужчына наведваў магілу бабулі на могілках у Лёзненскім раёне. Непадалёк заўважыў магілу чалавека, які, наколькі ён ведаў, учыніў суіцыд. Паколькі раней па звычаях такіх людзей хавалі па-за межамі могілак на неасвячонай зямлі, мужчына вырашыў нагадаць родным самазабойцы пра няправільна выбранае месца пахавання. Ён вырваў крыж з зямлі і аднёс яго да ўскраіны могілак, а потым пайшоў дадому.

Гэта заўважыла аднавяскоўка і паведаміла пра здарэнне сваякам. Як вынік мужчыну затрымалі і судзілі. Прысуд – штраф 1850 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя