Жыхара Берасця абвінавачваюць у махлярстве са страхоўкамі



Упраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы аб ашуканскіх дзеяннях у дачыненні да 38-гадовага жыхара Берасця.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, берасцеец, маючы ва ўласнасці дарагі аўтамабіль „Мерседэс-Бенц”, заключаў дагаворы добраахвотнага страхавання і ў перыяд з кастрычніка 2016 года па верасень 2017-га звяртаўся ў страхавыя арганізацыі з заявамі аб выплаце грашовых сродкаў, неабходных для набыцця новых дэталяў узамен пашкоджаных у выніку ДТЗ.

Следствам устаноўлена, што названыя мужчынам дарожна-транспартныя здарэнні ў рэчаіснасці былі ім інсцэнаваныя.

Падчас расследавання ўстаноўленыя пяць эпізодаў неабгрунтаванага атрымання страхавых выплат больш як на 35 тыс. рублёў. Яшчэ ў двух выпадках намер мужчыны не быў рэалізаваны, бо ў выплаце яму было адмоўлена.

Следствам дзеянні мужчыны кваліфікаваныя на падставе ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 209 (замах на махлярства ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Раней гэты грамадзянін прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за махлярства.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.