Жыхара Берасця, які хацеў адправіць Аляксандра Лукашэнку ў Гаагу, асудзілі на 2 гады калоніі
Жыхара Берасця Ігара Новіка, які хацеў адправіць Аляксандра Лукашэнку ў Гаагу, асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, – паведамляюць праваабаронцы. Паводле следства, у красавіку-снежні мінулага года ён зрабіў сем надпісаў на фасадах будынкаў. Гэта і „Жыве Беларусь!”, і самыя разнастайныя выказванні на адрас Лукашэнкі (сярод іх і заклік пра паездку ў Гаагу, дзе дзейнічае міжнародны суд).
Суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў Новіка вінаватым у „апаганванні збудаванняў і псаванні маёмасці”, і ў абразе Лукашэнкі. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну. За кратамі ён знаходзіцца з 4 снежня мінулага года.