Жыхара Бярозы пакаралі за бел-чырвона-белы сцяг на балконе



Рашэнне суда Бярозаўскага суда застаецца ў сіле. Да такой высновы прыйшоў Берасцейскі абласны суд пасля разгляду апеляцыйнай скаргі жыхара Бярозы Дзмітрыя Труцько. Мужчыну Бярозаўскі суд пакараў штрафам 10 базавых велічынь за бел-чырвона-белы сцяг на балконе. Перад судом Труцько адсядзеў трое сутак у ізалятары часовага ўтрымання, а ў яго кватэры быў праведзены вобшук.

Кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Не было даказана, што гэта Зміцер Труцько павесіў сцяг, калі гэты сцяг з’явіўся і з якога часу балкон ва ўласнай кватэры лічыцца грамадскім месцам. Сцяг на балконе палічылі правядзеннем несанкцыянаванага пікета. Даволі прадказальна абласны суд адмовіў задавальненне скаргі і пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.

Па словах праваабаронцы, пры падрыхтоўцы да суда бярозаўскімі міліцыянтамі быў дапушчаны шэраг працэсуальных памылак. Але ні Бярозаўскі суд, ні Берасцейскі абласны на гэта не звярнулі ўвагі.

Беларускае Радыё Рацыя