Жыхара Дзяржынска асудзілі на паўтара года за „цынічныя надпісы” на плоце
У судзе Дзяржынскага раёна другога лютага была разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Кавальчука. Яго абвінавацілі па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (Апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) і па арт. 368 (Абраза прэзідэнта).
Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Кавальчук 24 верасня 2020 года прыкладна ў 23 гадзіны 32 хвіліны, знаходзячыся ў грамадскім месцы ў Дзяржынску, з дапамогай балончыка эмалі-аэразоля наўмысна нанёс на секцыю бетоннай агароджы ПУП „Амкадор-ДОМЗ” цынічныя надпісы і графічны малюнак, чым здзейсніў апаганьванне збудаванняў і прычыніў шкоду прадпрыемству на суму 108,43 рубля. Кавальчука затрымалі 26 верасня. Праз два дні яго вызвалілі.
Андрэй Кавальчук цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым. Таксама матэрыяльны ўрон ён кампенсаваў у поўным аб’ёме.
Кавальчук мае інваліднасць трэцяй групы, непаўналетняе дзіця на ўтрыманні. Да справы былі далучаныя станоўчыя характарыстыкі на абвінавачанага.
У выніку пракурор запрасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтары годы („хатняя хімія”).
Менавіта такое пакаранне і вынес суд.