Жыхара Гомеля прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі за допіс у тэлеграм-чаце



Гомельскі абласны суд 8 верасня прыгаварыў гамяльчаніна Іллю Гапона да трох гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Як паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, суддзя Руслан Царук пастанавіў прызнаць Гапона вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, і накіраваць адбываць пакаранне ў калонію агульнага рэжыму.

Таксама ў даход дзяржавы канфіскаваны мабільны тэлефон абвінавачванага.

Праваабаронцы адзначылі, што Гапону паставілі ў віну размяшчэнне ў адным з тэлеграм-чатаў паведамлення з „апісаннем метадаў барацьбы з прадстаўнікамі сілавых структур у сувязі з леташнімі акцыямі пратэсту”.

БелаПАН