Жыхара Гомеля, які параніў трох міліцыянтаў, прыгаварылі да 13,5 гадоў



13 лютага Гомельскі абласны суд абвясціў прыгавор па крымінальнай справе ў дачыненні да 24-гадовага Мікіты Баса. Жыхар Гомеля абвінавачваўся ў замаху на забойства дзвюх і больш асоб, а таксама ва ўхіленні ад адбыцця пакарання. Пры затрыманні ў Гомелі ён параніў нажом трох міліцыянтаў. Па сукупнасці злачынстваў яму прызначана трынаццаць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Суд пастанавіў задаволіць грамадзянскія іскі пацярпелых — у цэлым на 3,5 тысячы рублёў.

Мікіта Бас адбываў у 2018 годзе пакаранне на „хіміі” ў Шклове — яго прызналі вінаватым у хуліганстве і незаконным абароце наркотыкаў. У папраўчай установе адкрытага тыпу ён знаходзіўся на ўліку як „асоба, схільная да экстрэмізму з-за рэлігійных перакананняў”: малады чалавек лічыць сябе мусульманінам.

За парушэнні рэжыму яму пагражала крымінальная адказнасць. Парушэнні заключаліся ў тым, што Бас ляжаў на ложку ў нявызначаны час, адмаўляўся прыбіраць туалет, лічачы гэта зневажальным, „не быў ветлівы з начальствам”, не назваў сябе, як таго патрабуюць нормы адбыцця пакарання, не быў на вечаровай і ранішняй праверцы. Гэта магло пацягнуць змену рэжыму асуджанаму на больш суровы — пазбаўленне волі, пра што яго афіцыйна папярэджвалі.

Пры чарговым парушэнні Мікіту Баса пакаралі арыштам. Але змясцілі ў бальніцу, каб праверыць, ці дазваляе фізічны стан асуджанага адбываць дзесяцісутачны арышт. Акрамя таго, малады чалавек сам скардзіўся на здароўе.

Ноччу 3 красавіка Мікіта Бас уцёк з бальніцы, спусціўшыся па прасцінах з трэцяга паверха. Паўтара месяца ён бадзяўся. Яго бачылі ў родным Гомелі.

15 траўня міліцыянты спрабавалі затрымаць уцекача ў тралейбусе, але ён дастаў нож і аказаў актыўнае супраціўленне — нанёс раны тром супрацоўнікам. Малады чалавек выскачыў з салона тралейбуса, прабег некалькі кіламетраў, пераплыў Сож. У выніку хлопец быў затрыманы байцамі АМАПа — яму прастрэлілі абедзве нагі.

Адзін з міліцыянтаў, які ўдзельнічаў у затрыманні, цудам пазбег смяротнага зыходу — у яго быў закрануты буйны сасуд, у выніку чаго адбылася масіўная страта крыві. Адзін з пасажыраў тралейбуса наклаў жгут, аператыўна прыбыла хуткая дапамога, што і выратавала жыццё пацярпеламу.

Віну ў замаху на забойства Мікіта Бас не прызнаў. Ён заявіў на судзе, што абараняўся, калі на яго ў тралейбусе накінуліся трое невядомых (міліцыянеры былі ў цывільным адзенні). Ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ён прызнаваў віну.

belapan.by

Фота gp.by