Жыхара Калінкавічаў прыгаварылі да 18 гадоў калоніі за забойства маці



Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Мазыры вынес прыгавор у дачыненні да 51-гадовага жыхара Берасцейскай вобласці. Ён абвінавачваўся ў забойстве маці, 72-гадовай выкладчыцы медыцынскага каледжа.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага абласнога суда, абвінавачванага прыгаварылі да 18 гадоў пазбаўлення волі. Да яго будуць прымененыя меры лячэння ад алкагалізму і таксікаманіі.

Пракурор папрасіў пакараць мужчыну пазбаўленнем волі на 19 гадоў.

Абвінавачваны мае сярэднюю медыцынскую адукацыю, працаваў фельчарам. Ён быў судзімы, у тым ліку за цяжкія злачынствы.

Забойства 72-гадовай жанчыны адбылося ў Калінкавічах 2 ліпеня 2019 года. Жанчына выкладала ў медкаледжы, яе адзіны сын жыў у Берасцейскай вобласці. Незадоўга да трагедыі ён прыехаў адведаць маці перад паездкай на працу ў Расею і перадаў ёй на часовае захоўванне 500 долараў.

Паводле інфармацыі СК, у Калінкавічах на працягу некалькіх дзён мужчына сустракаўся са сваімі знаёмымі, распіваў спіртныя напоі. У адзін з дзён ён надыхаўся парамі растваральніку. Прыйшоў у кватэру маці і папрасіў вярнуць яму грошы, якія пакідаў на захоўванне. Жанчына, баючыся, што ён патраціць усе зберажэнні, неабходныя для паездкі, адмовіла. Падчас сваркі мужчына схапіў нож і нанёс ім удар у шыю маці. Пацярпелая выбегла з кватэры і стала клікаць на дапамогу. Суседзі аказалі жанчыне даўрачэбную дапамогу, выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Сын пацярпелай у яе выратаванні не ўдзельнічаў. Жанчына памерла ад вострай страты крыві.

belapan.by