Жыхара Магілёва арыштавалі за аватарку „сябра” ў сацсетках
На 15 сутак арыштавалі слесара з Магілёва за аватарку „сябра” ў сацсетках. Аватарка з лагатыпам „Belsat TV” адлюстроўвалася ва ўкладцы “сябры”. Мясцовы райсуд палічыў, што меў месца „распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
„Мужчына з дапамогай свайго акаўнта, у адкрытым доступе ва ўкладцы „сябры” размясціў візуальны матэрыял у выглядзе тэксту „Belsat”, размешчаны на „аватарцы” карыстальніка электроннай анкеты сацыяльнай сеткі „Укантакце” пад назвай „Belsat TV”, цытуюць пратакол праваабаронцы.
На судзе мужчына распавёў, што ведаў пра ўключэнне „Белсата” ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але на момант, калі ён дадаваў акаўнт у сябры, „экстрэмісцкай” аватаркі яшчэ не было. Сваю віну ён не прызнаў.
Беларускае Радыё Рацыя