Жыхара Магілёва асудзілі на пяць гадоў за перадачу даных сілавікоў



Гомельскі абласны суд завяршыў разгляд крымінальнай справы 34-гадовага жыхара Магілёва Уладзіслава Купрыянава. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асобаў, піша праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Судовы працэс пачаўся яшчэ 24 лютага, справу вёў у закрытым рэжыме суддзя Мікалай Доля. Палітзняволенага Уладзіслава Купрыянава затрымалі 7 жніўня мінулага года, працаваў інжынерам у „Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетках”.

Да суда быў змешчаны спачатку ў СІЗА №1 Менска, затым яго перавялі ў СІЗА №3 Гомеля.

Купрыянава абвінавацілі ў тым, што ўвосень 2020 года, у час пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, ён нібыта перадаваў звесткі пра месца жыхарства дзяржаўных служачых і людзей з праваахоўных органаў „Чорнай кнізе Беларусі”. 17 лістапада 2022 г. праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Суд прызнаў Уладзіслава Купрыянава вінаватым у дапамаганні ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, учыненых групай асоб, якія пацягнулі цяжкія наступствы, і прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 Падрабязнасці судовага працэсу высвятляюцца.