Жыхара Менска 4 разы асудзілі ў Віцебску за мірныя пратэсты



Апошні штраф Аляксея Томашава склаў 594 рублі – суддзя Ілля Белавус, разгледзеўшы справу актывіста ў судзе Кастрычніцкага раёна, аштрафаваў яго на 22 базавыя велічыні. Перад гэтым былі яшчэ 3 штрафы за ўдзел у акцыях мірнага пратэсту, а таксама 5 сутак за кратамі ў чаканні судоў.

Паводле Аляксея Томашава, два месяцы таму ён прыехаў у Віцебск да сяброўкі і затрымаўся тут на некаторы час. Застацца ўбаку ад пратэстаў супраць міліцэйскага гвалту ён не змог, і лічыць, што мірныя акцыі трэба працягваць, у тым ліку шукаючы новыя фарматы:

– Канешне, трэба шукаць новыя фарматы. І не адмаўляцца ад старых фарматаў, калі яны насамрэч так пазітыўна дзейнічаюць на змены ў нашай краіне. Я лічу, што найбольш карысныя акцыі, на якіх не хапаюць людзей, акцыі, на якіх людзі могуць згуртавацца і абараніць пратэстоўцаў. Гэта асноўнае.

Аляксей Томашаў адзначае, што ў Віцебску людзей хоць і не затрымліваюць настолькі жорстка, як у Менску, але міліцыянты таксама прымяняюць і фізічную сілу, і спецсродкі. Тым часам набіраюць папулярнасць так званыя партызанскія метады: людзі выкарыстоўваюць досвед легендарнага Мірона – віцебскага чалавека-легенды, які яшчэ з 1980-х гадоў усталёўваў бел-чырвона-белыя сцягі ў самых цяжка даступных кропках горада.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск