Жыхара Пружан пакаралі штрафам за чырвона-зялёны сцяг



Cтаршыня суда Пружанскага раёна Вадзім Мазоль не дараваў жыхару Пружан Віталю Кульгаўчуку чырвона-зялёны сцяг на плячах. Мужчына быў  пакараны штрафам у 945 рублёў.

Сам Кульгаўчук  не разумее такой непрыязнасці суддзі да дзяржаўнага сцяга:

– Гэта было 24 жніўня, недзе ў 7 вечара. Я наогул выходзіў, каб сустрэцца з сябрам. У цэнтры горада мы дамовіліся сустрэцца. На плячах у мяне быў дзяржаўны сцяг. Я таксама гэтага не разумею. Спыталі: з якой мэтай ты прыйшоў са сцягам? Я сказаў, што я прыйшоў за адзіную Беларусь.

Гэта ўжо другое пакаранне мужчыны. Першы раз яго асудзілі на 5 сутак за тое, што 9 жніўня Віталь заступіўся за дзяўчат, якіх цягнулі ў аўтазак і сам апынуўся там жа.

Рашэнне судоў ён абскарджвае. Пакаранне суткамі Берасцейскі абласны суд пакінуў без зменаў.

Беларускае Радыё Рацыя