Жыхара Рэчыцы асудзілі за найміцтва: ён ваяваў у ДНР
Гомельскі абласны суд 16 лістапада абвесціў прысуд жыхару Рэчыцы за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Мітрафанава доўжыўся два тыдні.
41-гадовага жыхара раённага цэнтра прызналі вінаватым у ідэалагічным найміцтве без наяўнасці карыслівага складніка (361-3 ч.1 КК РБ). Яго пакаралі двума гадамі „хіміі”.
Да ўступлення прысуду ў законную сілу мужчыну адпусцілі з-пад варты і змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Яго вызвалілі ў зале суда. Час знаходжання пад вартай Мітрафанава залічаць як адзін за два дні абмежавання волі.
Віталь Мітрафанаў знаходзіўся на тэрыторыі ДНР з красавіка па чэрвень 2017 года. Там ён, паводле звестак следства, ахоўваў розныя склады і нёс баявое дзяжурства ва ўзброеным фармаванні на лініі варагуючых бакоў. У пачатку ліпеня мужчына вярнуўся ў Беларусь і праз некалькі тыдняў быў затрыманы і ўзяты пад варту.
Абвінавачаны жанаты, раней судзімы. Нягледзячы на тое, што мужчына мае беларускае грамадзянства, ён ураджэнец расейскага Ніжневартаўска.
У ходзе судовага паседжання Мітрафанаў прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.
За апошнія паўгода гэта другая крымінальная справа, звязаная з найміцтвам, якую разглядаюць беларускія суды. У верасні 2017 года ў Віцебску да двух гадоў абмежавання волі суд прысудзіў 29-гадовага Аляксея Яршова – за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Тады суд праходзіў у закрытым рэжыме. Праз паўтара месяца стала вядома, што мужчына з’ехаў з Беларусі і вярнуўся ў ДНР.