Жыхара вёскі Дзевяткі аштрафавалі за перапост
Суддзя Кобрынскага раённага суда Вадзім Здановіч пакараў інваліда 2-й групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчука 30 базавымі велічынямі на суму 870 рублёў.
Ён абвінавачаны ў распаўсюдзе ў інтэрнэце матэр’яла з тэлеграм-канала NEXTA, які прызнаны экстрэмісцкім. І гэта ўжо другое пакаранне за апошнія тры месяцы, кажа Аляксандр Краўчук:
– Наша прававая, сацыяльная дзяржава пазбавіла мяне пенсіі па інваліднасці на шэсць месяцаў. У мяне на ўтрыманні непаўнагадовая дачка і сын-студэнт.
Краўчук заўважыў, што цяпер актывізаваліся дзяржаўныя тэлеканалы ў сувязі з судовымі справамі нязгодных з рэжымам. Але з яго працэсу прапагандыстам давялося пайсці ні з чым:
– Спроба прадстаўніка каналу „Беларусь 4” зняць мяне на відэа была прыпынена маім адвакатам паводле новага Адміністратыўнага кодэксу.
Першы раз інваліда аштрафавалі на 40 базавых с канфіскацыяй тэлефона, хаця матэр’ял быў размешчаны да прызнання NEXTA экстрэмісцкім. На гэты раз інвалід сваёй віны не прызнаў. Адправіць матэр’ял на Фэйсбук-старонку мог хто заўгодна, нават і той, у чыіх руках знаходзіцца яго канфіскаваны тэлефон, гаворыць Аляксандр.
Беларускае Радыё Рацыя