Жыхарам памежжа забараняюць увозіць алкаголь
З 15-га кастрычніка праз пункты спрошчанага пропуску забараняецца ўвозіць у краіну алкагольныя напоі і піва. Пры гэтым, іх па-ранейшаму можна вывозіць. Алкаголь – не больш за 1 літр на аднаго чалавека, якi дасягнуў 18-гадовага ўзросту, а таксама піва – не больш за 2 літры на адную фізічную асобу, якая дасягнула паўналецця.
„Гэтыя захады накіраваныя на спыненне фактаў увозу фізічнымі асобамі алкагольнай прадукцыі для яе ўключэння ў незаконнае абарачэнне з прычыны адсутнасці мытнага кантролю ў пунктах спрошчанага пропуску праз мяжу Беларусі,” – пракаментавалі змены ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Пункты спрошчанага пропуску прызначаныя толькі для жыхароў памежных тэрыторый. Пры гэтым нормы бязмытнага ўвозу тавараў асабістага карыстання фізічнымі асобамі праз звычайныя пункты мытнага афармлення не змяніліся.