Жыхарам Светлагорска забаранілі пратэставаць
Светлагорскі райвыканкам адмовіў ініцыятыўнай групе грамадзян у правядзенні мітынгу супраць працы завода беленай цэлюлозы.
Жыхары райцэнтра планавалі сабрацца 15 верасня на стадыёне „Бумажнік” і запатрабаваць спыніць шкодныя выкіды ад новай вытворчасці. Намеснік старшыні райвыканкама на заяўку аб мітынгу адказаў, што 15 верасня на стадыёне пройдзе „сямейнае сельскагаспадарчае свята „Уладар сяла”, арганізатар якога БРСМ”.
Як паведаміла БелаПАН член ініцыятыўнай групы па маніторынгу сітуацыі з заводам беленай цэлюлозы праваабаронца Алена Маслюкова, гараджане, незадаволеныя сітуацыяй з заводам, пасля адмовы райвыканкама ў мітынгу вырашылі правесці флэшмоб. Час і месца правядзення пакуль невядомыя. Таксама ініцыятыўная група мае намер падаваць заяўкі на мітынг на іншыя даты.
У ліпені 2018 года ААТ „Светлагорскі ЦКК” пачаў этап пусканаладачных работ на новай вытворчасці беленай цэлюлозы. Жыхары найбліжэйшай вёскі Якімава Слабада і Светлагорска зноў пачалі пакутаваць ад непрыемнага паху.
Пры пусканаладачных работах у снежні 2017 года Светлагорск і ваколіцы, у прыватнасці вёску Якімава Слабада, накрыла смуродам. Людзі скардзіліся на ўдушша, кашаль, іншыя праблемы са здароўем. Кіраўніцтва завода сцвярджала, што газы не аказваюць негатыўнага ўплыву на здароўе. Пазней стала вядома, што гэта метылмеркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
Пасля шматлікіх скаргаў ва ўсе органы ўлады стала вядома, што ў цэлюлозна-кардоннага камбіната няма спецыяльнага абсталявання, каб улоўліваць метылмеркаптаны. Для маніторынгу сітуацыі пры пусканаладачных работах былі запрошаны спецыялісты з маскоўскай лабараторыі, з якой ЦКК заключыў дамову. Цяпер на сайце Светлагорскага ЦКК публікуецца інфармацыя аб экалагічнай сітуацыі ў раёне. Паводле дадзеных за апошнія дні, перавышэння гранічна дапушчальных канцэнтрацый хімічных рэчываў у атмасферным паветры не зафіксавана.
Завод беленай цэлюлозы пад Светлагорскам будавалі за кітайскі крэдыт. Будаўнікі таксама кітайцы.
У 2012 годзе ў Светлагорску сабралі больш за 10 тыс. подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў пачаты. У мінулым годзе ў лістападзе завод запусцілі ў тэставым рэжыме. Потым праца была спыненая. Пазней кітайцы паехалі на свае навагоднія канікулы, якія расцягнуліся не менш чым на месяц.
Паводле прагнозаў спецыялістаў, новае прадпрыемства будзе выпускаць да 400 тыс. тон сульфатнай беленай цэлюлозы.
Завод планавалі запусціць яшчэ ў 2015 годзе. Але ўзнік скандал з кабелем, які паклалі кітайцы: ён не адпавядаў стандартам. Пуск быў адкладзены. Чарговы запуск завода, запланаваны на 7 лістапада 2017 года, зноў не адбыўся з-за мноства недапрацовак.