Жыхарка Баранавіч просіць дазволу на эўтаназію
84-гадовая жыхарка Баранавіч Ганна Хвалько вырашыла звесці рахункі з жыццём.
Яна звярнулася да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Васіля Раманоўскага – галоўнага ўрача горада і ў Баранавіцкую пракуратуру з заявай на дазвол эўтаназіі. Хворая старая жанчына не можа больш цярпець здзекі 56-гадовага сына Ігара, якому яна падманным шляхам нібыта падарыла кватэру. Цяпер жыццё яе ператварылася ў кашмар, кажа грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус (старэйшы), да якога пенсіянерка звярнулася па дапамогу:
– Як нявольніца прыгнечаная. Не дае ён ёй святла, не дае ён ёй вады, паабразаў вяроўкі ў ванным пакоі, нельга пасушыць бялізну. Яна звярталася і ў міліцыю, звярталася да сацсупрацоўнікаў, і ўсе па колу пускаюць яе, яшчэ абвінавачваюць яе, што ён мае рацыю, што перакрывае ваду. У яго няма чым плаціць, таму ён здымае вентылі з кранаў.
Паводле Мікалая Чарнавуса, каб не страціць 4-х пакаёвую кватэру пры разводзе з жонкай, сын прапанаваў маці перайсці да яго, а былой жонцы аддаць яе двушку. Жанчына пагадзілася і падпісала паперы, не чытаючы. І толькі пры жаданні вярнуць сваю кватэру даведалася, што падарыла сваё жыллё сыну. Чарнавус параіў звярнуцца ў суд.
Беларускае Радыё Рацыя